ЛІ́НІЯ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ (ЛЭП),

збудаванне з праваднікоў току, дапаможных канструкцый і прыстасаванняў для перадачы электраэнергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. Разам з трансфарматарнымі і пераўтваральнымі электрычнымі падстанцыямі складаюць электрычную сетку, з’яўляюцца адным з асн. звёнаў энергетычнай сістэмы Бываюць паветраныя і кабельныя, пераменнага (да 1150 кВ) і пастаяннага (да 1500 кВ) току, нізкага (да 1 кВ) і больш высокіх напружанняў. Першая ў свеце ЛЭП пераменнага трохфазнага току пабудавана ў 1891 М.В. Даліва-Дабравольскім.

Паветраныя ЛЭП складаюцца: з апор ліній электраперадачы (асн. элементы — стойкі, фундаменты, траверсы, тросастойкі, адцяжкі), правадоў (адно- і многадрацяныя медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя), лінейнай ізаляцыі (фарфоравыя або шкляныя штыравыя і падвесныя ізалятары электрычныя): арматуры (падтрымныя і нацяжныя заціскачкі, вушкі, почапкі, клямары, вібрагасільнікі, злучальнікі правадоў), стальных маланкаахоўных тросаў (падвешваюцца на падыходах да падстанцый на ЛЭП 35 кВ і па ўсёй даўжыні на ЛЭП 110 кВ і вышэй з жалезабетоннымі і метал. апорамі). Кабельная лінія электраперадачы складаецца з сілавых кабеляў, кабельных муфтаў, мацавальных дэталяў. Пракладваецца пад зямлёй, пад вадой, на апорах, эстакадах (у гарадах і на буйных прамысл. прадпрыемствах) Распрацоўваюцца ЛЭП з ізаляванымі саманясучымі і з ахоўнымі правадамі, крыярэзістыўныя, звышправодныя і інш. У Беларускай энергетычнай сістэме эксплуатуюцца паветраныя ЛЭП пераменнага току напружаннем 0,38, 0,66, 6, 10, 35, 110, 220, 330, 750 кВ і кабельныя напружаннем 0,38, 6, 10 і 110 кВ.

М.А.Караткевіч.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)